Надзеі апраўдаліся

На днях аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі УЗ “Свіслацкая ЦРБ” наведаў старшыня райвыканкама Уладзімір Анішчык. Мэтай яго візіту стала азнаямленне з новымі апаратамі і трэнажорамі, якія набыты дзякуючы праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

Новае абсталяванне разлічана на аднаўленне парушаных функцый і працоўных навыкаў пацыентаў і інвалідаў шляхам укаранення новых метадаў рэабілітацыі. Сёння апараты і трэнажоры шырока запатрабаваны і маюць найлепшыя водгукі як ад карыстальнікаў, так і ад медыцынскага персаналу, якому даводзіцца з імі працаваць.

Галоўны ўрач УЗ “Свіслацкая ЦРБ” Ілля Турко са сваімі намеснікамі Ларысай Клімчук, Аленай Малчанавай і персаналам аддзялення медыцынскай рэабілітацыі правёў для кіраўніка раёна экскурсію па адноўленых кабінетах, дзе размясцілася новае абсталяванне.

Каардынатар ініцыятывы Ларыса Клімчук і загадчыца аддзялення Ала Шаршуновіч прадэманстравалі работу апаратаў і трэнажораў на практыцы.

– З чатырох адзінак абсталявання коштам у 17 150 долараў тры нямецкай вытворчасці, – адзначыла Ларыса Паўлаўна. – З дапамогай іх у бальніцы пачалі ўкараняць новыя методыкі медыцынскай рэабілітацыі, якія раней у раёне наогул не прымяняліся. Апараты і трэнажоры выкарыстоўваюцца для актыўна-пасіўнай рэабілітацыі ніжніх і верхніх канечнасцей пацыентаў, паляпшэння крывазвароту і каардынацыі рухаў, умацоўваюць аслабленыя мышцы, забяспечваюць тэрапію, накіраваную на ліквідацыю вянознага застою, а таксама выконваюць шмат іншых функцый.

Уладзімір Сяргеевіч даў высокую адзнаку старанням калектыву бальніцы, які выйграў і паспяхова ўвасабляе ў жыццё ініцыятыву.

– Галоўнае, што абсталяванне апраўдвае сябе і прыносіць карысць жыхарам нашага раёна, – падагуліў Уладзімір Сяргеевіч.

«Свiслацкая газета».

Ответить